Беларускія казкі

Чытаць беларускія казкі ... 

Глядзець беларускія казкі ...

 

Як курачка пеўніка ратавала

Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча курачку:
— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку.
«Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам».
Праглынуў — ды і падавіўся.
Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
Падбегла да яго курачка:
— Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…
— Як жа цябе ратаваць, Пеця? — пытаецца курачка.
— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
— А дзе яго дастаць?
— У каровы.
Пабегла курачка да каровы:
— Карова, карова, дай масла!
— Нашто табе масла?
— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
— Добра, — кажа карова, — дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
Прыйшла курачка да касцоў:
— Касцы, касцы, дайце сена!
— Нашто табе сена?
— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Касцы кажуць:
— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
Прыйшла курачка да пекара:
— Пекар, пекар, дай пірагоў!
— Нашто табе пірагі?
— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Пекар кажа:
— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў.
Пекар напёк пірагоў.
Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
Прынесла курачка сена карове.
Карова з’ела сена і дала масла.
Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
Тут і казцы канец.
__________________________________________________________________________________

 

Зайкава хатка

Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках.

Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісіччына хатка растала, а зайкава стаіць як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкаву хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.
— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне а мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.
Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Чаго залезла ў чужую хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.
Не спалохалася лісічка, адказвае ваўку:
— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!
Перапалохаўся воўк — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.
Сеў зноў зайка над бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.
— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.
Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:
— Нашто адабрала ў зайкі хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.
Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:
— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!Спалохаўся мядзведзь — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.
Зноў пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бяжыць-ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае:
— Чаго, зайка, плачаш?
— Дык як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы а лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі.
— Ой, Петрусёк, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў.
— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік.
Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе кукарэкнуў, а потым як закрычьщь:

Я — пятух-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах.
Нясу касу на плячы,
Хачу ліску засячы.
А лісічка ляжыць ды кажа:
— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец. Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:
Я — пятух-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах.
На высокіх пятах.
Нясу касу на плячы,
Хачу ліску засячы.
I — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісіцу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкавай хаткі, а зайка дзверы зачыніў за ёю.
I застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.


__________________________________________________________________________________