Смак роднай мовы

Дашкольны ўзрост - найбольш спрыяльны перыяд для авалодвання дзецьмі элементамі беларускай народная культуры. Менавіта ў гэты перыяд жыцця ў дзіцяці фарміруюцца цікавасць, патрэбы да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродным і асабістым задаткам, закладваецца трывалы фундамент ведаў. Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымісці, пашырае веды пра беларускую культуру.

Кожная пятнiца – дзень беларускага маўлення ў дзіцячым садзе.

У гэты дзень усе мы, супрацоўнікі ўстановы і выхаванцы, стараемся выкарыстоўваць у зносінах як мага больш беларускіх слоў.

Калі ласка, прыходзячы раніцай у яслі-сад, скажыце "Добрай раніцы!", "Дзякуй!", "Калі ласка!", а ўвечары - "Да пабачэння!".

Давайце будзем разам далучаць нашых дзяцей да беларускай мовы, такой прыгожай і непаўторнай!

 

ДЗІЦЯЧЫ ЧАСОПІС ДЛЯ ДАШКАЛЯТ

Падпісваемся на чытанку - маляванку для дашкольнікаў "Буся".

 

21 ЛЮТАГА - МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.

Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Дык не дай  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове.